PEASANT ENTREPRENEURSHIP IN WESTERN BELARUS IN 1921–1939
Abstract
In 1921–1939, the most affluent part of the West Belarusian peasantry tried to adaptto capitalist conditions, using hired labour and various kinds of agricultural machinery. At the sametime, preferential bank loans were necessary for such a radical reorganization of the economy, butthe Polish government provided such assistance selectively and insufficiently, so few peasants ofWestern Belarus were able to become real rural entrepreneurs.
Full text
48 УДК 631.15 (476–15)«1921/1939» https://doi.org/10.5281/zenodo.17097953 В. П. Гарматны Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінск, Беларусь СЯЛЯНСКАЕ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА Ў ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ Ў 1921–1939 ГГ. Анатацыя. У 1921–1939 гг. найбольш заможная частка заходнебеларускага сялянства спрабавала адаптавацца да капіталістычных умоў праз выкарыстанне наёмнай працы і рознага роду сельскагаспадарчых машын. Разам з тым на такую карэнную рэарганізацыю гаспадарання неабходны былі ільготныя банкаўскія крэдыты, але польскі ўрад аказваў такую дапамогу выбарачна і недастаткова, таму нямногія сяляне Заходняй Беларусі змаглі ў выніку стаць сапраўднымі вясковымі прадпрымальнікамі. Ключавыя слова: сельская гаспадарка, прадпрымальнікі, крэдыт, інвентар, ураджайнасць, наёмная праца. Для цытавання. Гарматны, В. П. Сялянскае прадпрымальніцтва ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. / В. П. Гарматны // Сельское хозяйство Беларуси сквозь призму научных исследований : докл. III Междунар. науч. конф., приуроч. к 80-летию Победы в Великой Отечеств. войне, Минск, 26 сент. 2025 г. / Нац. акад. наук Беларуси, Белорус. с.-х. б-ка им. И. С. Лупиновича, Ин-т истории ; редкол.: Ю. О. Каракулько (отв. ред.) [и др.]. – Минск, 2025. – С. 48–57. В. П. Гарматный Институт истории Национальной академии наук Беларуси, Минск, Беларусь КРЕСТЬЯНСКОЕ ПРЕДПРИНИМАТЕЛЬСТВО В ЗАПАДНОЙ БЕЛАРУСИ В 1921–1939 ГГ. Аннотация. В 1921–1939 гг. наиболее зажиточная часть западнобелорусского крестьянства пыталась адаптироваться к капиталистическим условиям, используя наёмный труд и различного рода сельскохозяйственные машины. В то же время для столь радикальной реорганизации экономики необходимы были льготные банковские кредиты, но польское правительство оказывало такую помощь избирательно и в недостаточном объёме, поэтому лишь немногие крестьяне Западной Беларуси смогли в итоге стать настоящими сельскими предпринимателями. Ключевые слова: сельское хозяйство, предприниматели, кредит, инвентарь, урожайность, наёмный труд. Vitaliy P. Harmatny The Institute of History of the National Academy of Sciences of Belarus, Minsk, Belarus PEASANT ENTREPRENEURSHIP IN WESTERN BELARUS IN 1921–1939 Abstract. In 1921–1939, the most affluent part of the West Belarusian peasantry tried to adapt to capitalist conditions, using hired labour and various kinds of agricultural machinery. At the same time, preferential bank loans were necessary for such a radical reorganization of the economy, but the Polish government provided such assistance selectively and insufficiently, so few peasants of Western Belarus were able to become real rural entrepreneurs.
49 Keywords: agriculture, entrepreneurs, credit, inventory, productivity, hired labor. For citation. Harmatny V. P. Peasant Entrepreneurship in Western Belarus in 1921–1939. Agriculture of Belarus through the prism of scientific research : proceedings of the III International scientific conference dedicated to the 80th anniversary of the Victory in the Great Patriotic War, Minsk, September 26, 2025. Minsk, 2025, pp. 48–57 (in Belarusian). Па выніках Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 г. Заходняя Беларусь увайшла ў склад тагачаснай Польшчы, абсалютную большасць мясцовага насельніцтва (больш 80 %) складалі сяляне, эканоміка рэгіёна ў многім насіла выразна аграрны характар, тут захоўвалася буйное памешчыцкае землеўладанне, а сяляне ў сваёй большасці былі малазямельнымі і беззямельнымі, востра пакутавалі ад зямельнага дэфіцыту, патрабавалі перш за ўсё дадатковага надзялення ворнай зямлёй і стварэння іншага роду ільготных умоў гаспадарання [1, s. 7]. Агульная агратэхнічная культура мясцовага сялянства ацэньвалася як невысокая: напрыклад, у заходнебеларускай вёсцы ў першую чаргу выкарыстоўваліся натуральныя гнаі, а мінеральныя ўгнаенні фактычна адсутнічалі, на той час як у заходніх ваяводствах іх выкарыстоўвалі істотна больш, што забяспечвала больш высокую ўраджайнасць [2, s. 21, 30]. Сітуацыю ўскладняў шырока распаўсюджаны натуральны разлік з сялянамі за выкананую працу, што было абумоўлена пасляваеннай разрухай. Напрыклад, на пачатак 1920-х гг. у Дзісненскім павеце Віленскага ваяводства працаўнік зарабляў за месяц работы ў сельскай гаспадарцы заможнага селяніна каля 7 пудоў жыта (112 кг, прыкладна 24,5 злотых у грашовым эквіваленце). Нярэдкімі былі расплаты за працу гарэлкай, што падрывала эканамічныя перспектывы вяскоўцаў [3, c. 95]. Калі ж у заходнебеларускага селяніна з’яўляліся грошы, то ён іх укладваў галоўным чынам у набыццё свойскай жывёлы ці дадатковага надзелу зямлі. Грашовыя затраты ішлі ў асноўным на выплату падаткаў, куплю прамысловых тавараў і аплату царкоўных абрадаў. У сувязі са складаным эканамічным становішчам тавар у крамах і на рынках сяляне часта на той час не куплялі, а выменьвалі на прадукты [4, s. 74]. Звесткі аб размеркаванні ворнай зямлі ў Заходняй Беларусі на верасень 1921 г. прыведзены ў табліцы 1 (у якасці заможных маюцца на ўвазе сяляне, якія мелі больш за 20 га) [5, c. 15].
50 Табліца 1. – Размеркаванне ворнай зямлі ў Заходняй Беларусі на верасень 1921 г. Гаспадаркі Колькасць % Плошча зямлі, га % Сярэдні надзел, у га Бядняцкія 284 706 80,15 1 290 115 24,15 4,53 Серадняцкія 49 426 13,91 667 577 12,50 13,51 Заможныя 15 107 4,25 434 696 8,14 28,77 Памешчыцкія 5 987 1,69 2 948 305 55,21 500 Усяго 355 226 100,00 5 340 693 100,00 Пры аналізе прыведзеных у табліцы звестак, можна падкрэсліць, што да ліку прадпрымальніцкіх сялянскіх гаспадарак адносіліся эканамічна моцныя, цесна звязаныя з рынкам, здольныя забяспечваць гаспадарку ўладальніка ўсім неабходным дзякуючы продажу на рынак прадуктаў ці сыравіны. У такіх адзінках шырока выкарыстоўваліся найбольш перадавыя метады вядзення гаспадарання, наёмная праца, сельскагаспадарчыя машыны і штучныя ўгнаенні, назіралася спецыялізацыя на вырошчванні асобных відаў гародніны альбо жывёлы. У лік такіх гаспадарак без сумніву ўваходзілі заможныя (сельская буржуазія, мужыцкая арыстакратыя, фермеры ці згодна савецкай гістарыяграфіі кулакі) і прыблізна палова сераднякоў, іх найбольш багатая частка, што разам складала ўмоўна каля 10 % сялянства. Варта адзначыць, што савецкая гістарыяграфія ацэньвала такую катэгорыю сялянства рэзка адмоўна як апору польскіх уладаў і эксплуататараў на вёсцы, на той час як згодна сучасных навуковых падыходаў можна падкрэсліць, што дзякуючы існаванню гэтай катэгорыі сялянства ў найбольш бяднейшай яго частцы – батракоў – мелася магчымаць наймацца да іх на працу на пастаяннай ці часовай аснове, што ўяўляла для іх бадай адзіную крыніцу выжывання пры адсутнасці ўласнай гаспадаркі. У сувязі з гэтым неабходна больш грунтоўнае і ўсебаковае вывучэнне становішча дадзенай катэгорыі сялянства. Сераднякі займалі прамежкавае становішча і па статыстычным дадзеным каля 25 % з іх пастаянна выкарыстоўвалі наёмную працу. Нават у крызісны 1931 г. з кожных 100 серадняцкіх гаспадарак плошчай ад 10 да 15 га дадатковых працаўнікоў наймалі ў Віленскім ваяводстве 14,6, у Навагрудскім – 14,5, Палескім – 6,2 [6, c. 46]. Дробныя гаспадаркі мелі невялікія надзелы зямлі. Недастатковыя для паўнацэннага функцыянавання, і вымушаны былі арандаваць дадатковую зямлю ў памешчыкаў і заможных
51 сялян, наймацца да іх на працу. Жыццёвы цыкл такіх гаспадарак яскрава апісаны тагачаснікамі: “Пачынаецца цяжкая і пакутная праца яго (маладога селяніна). Праўда, спачатку была энэргія і пад’ём у стварэнні сваёй гаспадаркі, але, сутыкаючыся, на кожным шляху з недахопамі, пад’ём хутка знікае. У новага гаспадара няма патрэбнага лесу на будаўніцтва хаты і іншых пабудоў, няма на што набыць недастатковую жывёлу, няма інвентара (плуга, бараны). Час праходзіць за працай. Малады гаспадар, спачатку ўпэўнены ў самім сабе, потым губляе надзею на паляпшэнне свайго становішча, бо гаспадарка як была бядняцкай, так і засталася” [7, c. 46–47]. Пытанне ажыццяўлення аграрнай рэформы і перадачы значнай часткі памешчыцкіх зямель сялянам, асабліва гаспадаркам сямейнага тыпу, паўстала ў Польшчы прадметам гарачай дыскусіі яшчэ перад вяртаннем дзяржаўнай незалежнасці і ад яго вырашэння ў многім залежаў далейшы лёс краіны. Прадстаўнікі польскай эліты папярэджвалі аб небяспецы звядзення аграрнай рэформы “да простай перадачы зямлі ад аднаго класу іншаму, бо мэтай рэформы павінна стаць рэчаісная выправа ўсяго аграрнага ладу, выправа ўсебаковая і трывалая, разлічаная на далёкую будучыню і ствараючая падставы для нармальнага развіцця сельскай гаспадаркі” [8, s. 23]. Паводле артыкула 1 закону аб аграрнай рэформе ад 28 снежня 1925 г. аграрны лад у Польшчы павінен абапірацца на здаровыя вытворныя гаспадаркі, якія павінны былі весці сваю гаспадарку прынцыпова па-новаму і фактычна пераўтвараліся ў прадпрымальніцкія. У цэлым па меркаванню сучаснага польскага гісторыка А. Ліхаровіча, ажыццяўляемая ў міжваеннай Польшчы аграрная рэформа “была рацыянальнай спробай эвалюцыйнага ажыццяўлення аптымальнай – у рамках існуючых эканамічных магчымасцяў сельскай гаспадаркі і дзяржаўных фінансаў – карэктуры (выпраўлення) ладу і структуры тагачаснай… вёскі” [9, s. 92]. Згодна заканадаўства гэтая рэформа не была і не магла быць радыкальнай зменай тагачаснага аграрнага ладу, бо з’яўлялася рэформай, а не рэвалюцыяй. Як слушна падкрэсліваюць даследчыкі, нават калі б яе не перарвала Другая сусветная вайна, усіх існуючых зямельных запасаў не хапіла б на ўсіх сялян, патрабуючых дадатковага надзялення зямлёй. У сувязі з гэтым патрабавалася
52 мадэрнізацыя аграрных адносін, агульная паўсюдная інтэнсіфікацыя і рацыяналізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці [10, s. 131]. Тагачасныя польскія эканамісты падкрэслівалі, што для вядзення паўнацэннай асабістай сельскай гаспадаркі і выплаты працэнтаў па ўзятаму банкаўскаму крэдыту на далейшае ўдасканаленне гаспадаркі неабходна выдзяляць уласнікам па 15– 25 га зямлі, а ў сувязі з абмежаваным запасам зямлі на сям’ю звычайна адводзілася па 4–8 га (паводле іншых звестак 7–10 га). Больш за гэта незаможны гаспадар не змог бы асвоіць з-за адсутнасці неабходнага інвентару і свойскай жывёлы (коней, валоў). Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі за 1932 г. на 100 га ворных зямель у вяскоўцаў Заходняй Беларусі ў параўнанні з астатнімі рэгіёнамі краіны прыходзілася найменшая колькасць галоў свойскай жывёлы, што стварала істотныя перашкоды [6, c. 52]. Акрамя таго, у разглядаемы перыяд з 1 га ворнай зямлі ў параўнанні з вяскоўцамі іншых ваяводстваў заходнебеларускія сяляне выраблялі менш прадукцыі і адпаведна атрымлівалі значна меншы прыбытак [11, c. 28]. Сучаснікі апісваемых падзей папярэджвалі сялян, што ўсялякія змены і ўдасканаленні ў гаспадарцы належыць ажыццяўляць паступова і ў залежнасці ад яе фінансавага патэнцыялу. Пры гаспадаранні нельга кіравацца прынцыпам “сілу мераць у баі” з-за пагрозы хутка атрымаць вялікія страты, а з імі даўгі і нават банкруцтва, падкрэслівалася неабходнасць вядзення падлікаў рэнтабельнасці: “аловак у гаспадарцы з’яўляецца адной з найважнейшых сельскагаспадарчых прылад”. Сціслы рахунак прывучаў гаспадара разумець, дзе ён працуе добра, а дзе дрэнна і чаму [12, s. 66–67]. У якасці прыкладу можна прывесці словы сялянкі Пастаўскага павета Віленскага ваяводства (1933 г.) : “у нас не было ніводнай крыніцы для атрымання сродкаў на ажыццяўленне хоць бы самых дробязных, але неабходных паляпшэнняў у гаспадарцы і на выпіску хоць бы самага таннага сельскагаспадарчага часопіса, якія даваў бы першасныя парады… Зробленая намі пазыка рашуча загарадзіла шлях усялякім спробам паляпшэння нашага дабрабыту. На адны толькі працэнты ідзе ўся жывёла (сродкі ад яе продажу), а пазыка застаецца пазыкай” [13, c. 248–249]. Падобныя сітуацыі нярэдкасць і ў наш час, але ў цэлым відавочна, што з дапамогай крэдытавання многія сяляне змаглі рэарганізаваць гаспадарку.
53 Асаблівая ўвага ў развіцці прадпрымальніцтва польскімі ўладамі надавалася моладзі, напрыканцы 1920-х гг. была распрацавана спецыяльная агульнадзяржаўная праграма “Сельскагаспадарчая падрыхтоўка”, якая прадугледжвала стварэнне ў кожным павеце сельскагаспадарчых школ для 15 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце 15–20 гадоў курсам навучання ў 3 гады: земляробства, жывёлагадоўля і агульная гаспадарка. Пры гэтым падкрэслівалася, што першаснай задачай праграмы з’яўляецца “накірунак маладых розумаў на шлях мэтанакіраванага земляробчага мыслення, самастойнасці і крытычных адносін да прадпрымаемых гаспадарчых распачынанняў, да мэтанакіраванай сельскагаспадарчай самаадукацыі і ўмелага выкарыстання атрыманых ведаў у жыцці” [14, c. 20]. Стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы польскія ўлады ажыццяўлялі таксама пры дапамозе рознага роду сельскагаспадарчых конкурсаў і выстаў. У кожным заходнебеларускім павеце на той час існавалі сельскагаспадарчыя гурткі, якія актыўна супрацоўнічалі з органамі ўлады і арганізоўвалі паказальныя палі, пункты па ачыстцы насення, садзейнічалі стварэнню пунктаў арэнды сельскагаспадарчых машын і інвентара, гандлёва-збытавых арганізацый, займаліся асветніцкай дзейнасцю ў галіне агранаміі і агратэхнікі, агітацыяй сялянства (асабліва моладзі) за выкарыстанне перадавых метадаў гаспадарання і г. д. З гэтай мэтай улады праводзілі з актыўным удзелам сялян і шматлікіх грамадскіх аб’яднанняў разнастайныя сельскагаспадарчыя выставыпродажы і конкурсы. Так, напрыклад, 30 верасня 1928 г. у вёсцы Парэчча Пінскага павета Палескага ваяводства прайшла дэманстрацыя (выстава) дасягненняў мясцовай жывёлагадоўлі, на якую з гміны Парэчча было дастаўлена 76 галоў буйной рагатай жывёлы і 47 коней. Судзейская камісія выдала пераможцам 6 пахвальных грамат, 4 плугі і 11 грашовых узнагарод. Выстава выклікала ў сялян сутнасную цікавасць да далейшага рацыянальнага вядзення гаспадаркі і павышэння агратэхнічнай культуры [15, c. 173–174]. Разам з тым, недахоп агульных ведаў і спецыяльнай падрыхтоўкі не заўсёды дазваляў карэнную прагрэсіўную перабудову асабістай гаспадаркі, і таму селянін звычайна захоўваў традыцыйныя метады гаспадарання – перш за ўсё трохполле. Узоравымі станавіліся тыя
54 сялянскія гаспадаркі, у якіх пад кіраўніцтвам спецыяльна падрыхтаванага агранамічнага персаналу былі распрацаваны і ўкаранены тагачасныя перадавыя метады гаспадарання, найперш за ўсё чаргаванне сельскагаспадарчых культур і арганізацыя штучнай пашы [16, s. 451]. У якасці найбольш выразных арыентыраў для сялян у рэарганізацыі гаспадаркі на таварна-рынкавых асновах і вядзення такім чынам прынцыпова новай прадпрымальніцкай дзейнасці можна назваць рээмігрантаў з капіталістычных краін. Па ацэнках даследчыкаў на той час у Заходняй Беларусі фактычна не было буйной вёскі, дзе не пражываў бы вяртальнік у першую чаргу са Злучаных Штатаў Амерыкі, які бы не паставіў вялікай і чыстай хаты, адпавядаючай усім гігіенічным патрабаванням. Аднак, як паказала жыццё, рээмігранты на жаль не змаглі ў поўнай меры выканаць сваю гістарычную місію, у большасці ж выпадкаў на набытай за заробленыя ў эміграцыі грошы зямлі сяляне вялі гаспадарку па-старому, было таксама зафіксавана, што ў вёсцы Чудзін Лунінецкага павета Палескага ваяводства мясцовы жыхар пасля вяртання з ЗША і набыцця тут млына пачаў браць з сялян аплату натурай, што ў эканамічным плане ацэньваецца як істотны крок назад [4, s. 75, 113–114]. Дзякуючы аграрнай рэформе, выдачы сялянам танных крэдытаў і ў выніку паляпшэння культуры апрацоўкі зямлі, сельская гаспадарка міжваеннай Польшчы і Заходняй Беларусі ў прыватнасці змагла дасягнуць даволі высокай ступені развіцця, а паказчыкі ураджайнасці галоўных сельскагаспадарчых культур у 1930-я гг. значна выраслі і дасягнулі ўзроўню тагачасных перадавых краін свету: Францыі і ЗША [17, с. 421]. На жаль павышэнне дабрабыту заходнебеларускага сялянства не выклікала адначасовае паляпшэнне ўмоў жыцця. Як успамінаў жыхар вёскі Гарадная Столінскага павета Палескага ваяводства Ф.І. Вячорка, сучаснік і ўдзельнік разглядаемых падзей, становішча заходнебеларускай вёскі напрыканцы існавання міжваеннай Польшчы было досыць супярэчлівым: “За кароткі час да непазнавальнасці змяніўся выгляд сялянскай эканомікі. Дабавілася ў людзей хлеба, сена, жывёлы. У кожнага селяніна з’явіўся асабісты лес… З’явіліся сечкарні, малацілкі, а дзе-нідзе нават ровары… Дабрабыту ў людзей заўважна дабавілася, але працы не паменшала, а хутчэй наадварот. Стала больш жывёлы, значыць, трэба больш нарыхтоўваць ці купляць
55 сена, патрабавалася больш пастухоў. Дабавілася ворыўнай зямлі: значыць, трэба было яе апрацаваць, сабраць і перапрацаваць ураджай. Таму людзі, як тады казалі, “света Божага з-за працы не бачылі” [18, с. 249]. Падводзячы вынікі, можна вызначыць наступныя паказчыкі прадпрымальніцкіх гаспадарак: 1. Наяўнасць зямлі не менш 10-15 га, бо на меншым надзеле зямлі цяжка арганізаваць цэльную вытворную гаспадарку; 2. Шырокае выкарыстанне наёмнай рабочай сілы, бо такі вялікі зямельны абшар уласнік са сваімі сямейнікамі не мог апрацаваць самастойна; 3. Імкненне весці сваю гаспадарку сучаснымі метадамі гаспадарання, што праяўлялася найперш за ўсё ў: a) спецыялізацыі гаспадаркі; b) агульнай зацікаўленасці ў пашырэнні ўласнага кругагляду і павышэнню ўзроўню агратэхнічнай культуры; c) выкарыстанні сельскагаспадарчых машын і штучных угнаенняў; d) вядзенні агульнага рахункаводства і звароту ў банк за крэдытам з мэтай фінансавай падтрымкі далейшай інтэнсіфікацыі гаспадаркі. Польскія ўлады ў 1921–1939 гг. усяляк заахвочвалі заходнебеларускіх сялян да рэарганізацыі сваіх гаспадарак па капіталістычнай мадэлі, імкнуліся да раззняволення іх гаспадарчай ініцыятывы, усталявання цеснай сувязі з рынкам і такім чынам складвання ў міжваеннай Польшчы агульнага народна-гаспадарчага комплекса, мяркуючы такім чынам забяспечыць прадуктовую бяспеку краіны і ў цэлым спакой на вёсцы, але ўрадавая дапамога сялянам была даволі абмежаванай, што было ў многім абумоўлена складанымі эканамічныі абставінамі, і таму падтрымка аказвалася перш за ўсё найбольш лаяльным да іх вяскоўцам. Самая пільная ўвага ў гэты час польскімі ўладамі надавалася моладзі як найбольш адукаванай і эканамічна актыўнай частцы сялянства, якая імкнулася да гаспадарчай самастойнасці і таму з гатоўнасцю і разуменнем укараняла на сваіх надзелах найбольш перадавыя метады і прынцыпы арганізацыі гаспадаркі. У цэлым за вызначаны перыяд у аграрнай сферы Заходняй Беларусі адбывалася пашырэнне таварнакапіталістычных рынкавых адносін і ўзбагачэнне той часткі сялян,
56 якая змагла ў такіх надзвычай складаных сацыяльна-эканамічных абставінах рэарганізаваць сваю гаспадарку згодна новым патрабаванням у прадпрымальніцкім духу. Спіс выкарыстаных крыніц: 1. Rolnictwo w Polsce: jaki jest stan rolnictwa i co rząd robi dla jego podniesienia. – Warszawa : Wydaw. Bezpartyjnego Bloku Współpr. z Rządem, 1930. – 32 s. 2. Tomczonek, Z. Ruch ludowy na kresach północno-wschodnich Drugiej Rzeczypospolitej / Z. Tomczonek. – Białystok : Wydaw. Politech. Białostockiej, 1996. – 247 s. 3. Мисиюк, В. С. Экономические условия модернизации крестьянского хозяйства Западной Белорусии (1921–39 гг.) / В. С. Мисиюк // Славянские страны в условиях системной трансформации и европейской интеграции : сб. науч. тр. каф. соц.-гуманитар. наук / Брест. гос. техн. ун-т. – Брест, 2005. – Вып. 2. – С. 95–99. 4. Tomaszewski, J. Z dziejów Polesia, 1921–1939: zarys stosunków społecznoekonomicznych / J. Tomaszewski. – Warszawa : Państ. Wydaw. Nauk., 1963. – 208 s. 5. Сорокин, А. А. Аграрный вопрос в Западной Белоруссии (1920–1939 гг.) / А. А. Сорокин. – Минск : Наука и техника, 1968. – 201 с. 6. Полуян, И. В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса, 1929–1933 гг. / И. В. Полуян ; ред. М. П. Костюк. – Минск : Навука i тэхнiка, 1991. – 205 с. 7. Кухарев, Б. Е. Сельское хозяйство Западной Белоруссии (1919–1939 гг.) / Б. Е. Кухарев. – Минск : Выш. шк., 1975. – 110 с. 8. Reformy rolne w Polsce międzywojennej i powojennej: prawo, realizacja, skutki, problemy reprywatyzacyjne / red. nauk.: E. Borkowska-Bagieńska, W. Szafrański. – Poznań : Wydaw. Nauk. Uniw. im. A. Mickiewicza, 2008. – 246 s. 9. Dziedzictwo: ziemianie polscy i udział ich w życiu narodu / pod red. T. Chrzanowskiego. – Kraków : Znak, 1996. – 301 s. 10. Roszkowski, W. Land reforms in East Central Europe after World War One / W. Roszkowski. – Warsaw : Inst. of Polit. Studies Pol. Acad. of Sciences, 1995. – 256 p. 11. Зялінскі, П. І. Аграрная рэформа ў Заходняй Беларусі (1919–1939 гг.) / П. І. Зялінскі // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнар. навук.-тэарэт. канф., Мінск, 17–18 верас. 1999 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: П. І. Брыгадзін [і інш.]. – Мінск, 2000. – C. 24–30. 12. Żmigrodzki, K. Scalanie gruntów na podstawie ustawy z dnia 31 lipca 1923 oraz uzupełniających ją rozporządzeń i przepisów / K. Żmigrodzki. – Tarnopol : [s. n.], 1935. – 73 s. 13. Польские крестьяне о своей жизни : письма крестьян, изд. Ин-том соц. экономики в Варшаве / под ред. и с предисл. Я. Михальчука ; пер. с пол. под ред. С. Бергмана. – М. : Междунар. аграр. ин-т, 1936. – 253 с. 14. Кривуть, В. И. Конкурсная система сельскохозяйственной подготовки молодежи Западной Беларуси в межвоенный период / В. И. Кривуть // Весці БДПУ. Серыя 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2016. – № 4. – С. 19–23. 15. Памяць: Пінскі раён : гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелТА, 2003. – 621 с. 16. Odlanicki-Poczobutt, St. Województwo Nowogródzkie / St. Odlanicki-Poczobutt. – Wilno : Nakl. Wileńskiej Izby Rol., 1936. – 498 s. 17. Хаўратовіч, І. Заходняя Беларусь / І. Хаўратовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / Беларус. Энцыкл. ; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1996. – Т. 3. – С. 421–425. 18. Чарнякевіч, І. С. Асоба ў працэсах змен на Заходнім Палессі ў ХХ стагоддзі: ўспаміны Ф. І. Вячоркі / І. С. Чарнякевіч // Личность в истории: героическое и трагическое : сб. материалов Пятой междунар. науч.-практ. конф., посвящ. 20-летию ист. фак., Брест, 23–24 нояб. 2011 г. / Брест. гос. ун-т ; редкол.: М. Э. Чесновский (гл. ред.) [и др.]. – Брест, 2012. – С. 249–256.