scieee AI-readable full text Open interactive document viewer

ON THE ISSUE OF CONDUCTING LAND COMASATION IN THE GMINA OF CYRYN OF THE NOVOGRUDOK POWIAT AND VOIVODESHIP IN 1921–1939

Harmatny, V.P.

Abstract

In 1921–1939, Western Belarus was part of interwar Poland. The economy of the region at that time was based on agriculture, which suffered greatly from various vestiges, one of themost important of which was the strip holding of land. In order to eliminate it, a policy of land comasation was implemented, which, despite all its progressiveness, turned out to be too expensive and protracted for the peasants.The article examines the implementation of land comasation on the territory of the Cyryn gmina of Novogrudok powiat, Novogrudok voivodeship (present-day Korelichi District).

Full text

58 УДК 332.21:94(476–15) «1921/1939» https://doi.org/10.5281/zenodo.17097963 В. П. Гарматны Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінск, Беларусь ДА ПЫТАННЯ ПРАВЯДЗЕННЯ КАМАСАЦЫІ Ў ГМІНЕ ЦЫРЫН НАВАГРУДСКАГА ПАВЕТА І ВАЯВОДСТВА Ў 1921–1939 ГГ. Анатацыя. У 1921–1939 гг. Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад міжваеннай Польшчы. Аснову эканомікі рэгіёна на той час складала сельская гаспадарка, якая моцна пакутавала ад рознага роду перажыткаў, адным з галоўных з якіх была цераспалосіца. З мэтай яе ліквідацыі ажыццяўлялася палітыка камасацыі, якая пры ўсёй сваёй прагрэсіўнасці была для сялян занадта каштоўнай і працяглай па часе. У артыкуле разглядаецца правядзенне камасацыі на абшары гміны Цырын Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства (сучасны Карэліцкі раён). Ключавыя словы: сельская гаспадарка, цераспалосіца, камасацыя, хутар, крэдыт, ураджайнасць. Для цытавання. Гарматны, В. П. Да пытання правядзення камасацыі ў гміне Цырын Навагрудскага павета і ваяводства ў 1921–1939 гг. / В. П. Гарматны // Сельское хозяйство Беларуси сквозь призму научных исследований : докл. III Междунар. науч. конф., приуроч. к 80-летию Победы в Великой Отечеств. войне, Минск, 26 сент. 2025 г. / Нац. акад. наук Беларуси, Белорус. с.-х. б-ка им. И. С. Лупиновича, Ин-т истории ; редкол.: Ю. О. Каракулько (отв. ред.) [и др.]. – Минск, 2025. – С. 58–66. В. П. Гарматный Институт истории Национальной академии наук Беларуси, Минск, Беларусь К ВОПРОСУ О ПРОВЕДЕНИИ КОМАСАЦИИ В ГМИНЕ ЦИРИН НОВОГРУДКОВСКОГО ПОВЕТА И ВОЕВОДСТВА В 1921–1939 ГГ. Аннотация. В 1921–1939 гг. Западная Беларусь входила в состав межвоенной Польши. Основу экономики региона в то время составляло сельское хозяйство, сильно страдавшее от различных пережитков, одним из главных из которых была чересполосица. С целью её ликвидации проводилась политика комасации земель, которая, несмотря на всю свою прогрессивность, оказалась для крестьян слишком дорогой и затянутой. В статье рассматривается проведение комасации земель на территории гмины Цирин Новогрудского повета Новогрудского воеводства (современный Кореличский район). Ключевые слова: сельское хозяйство, чересполосица, комасация земель, хутор, кредит, урожайность. Vitaliy P. Harmatny The Institute of History of the National Academy of Sciences of Belarus, Minsk, Belarus ON THE ISSUE OF CONDUCTING LAND COMASATION IN THE GMINA OF CYRYN OF THE NOVOGRUDOK POWIAT AND VOIVODESHIP IN 1921–1939 Abstract. In 1921–1939, Western Belarus was part of interwar Poland. The economy of the region at that time was based on agriculture, which suffered greatly from various vestiges, one of the 59 most important of which was the strip holding of land. In order to eliminate it, a policy of land comasation was implemented, which, despite all its progressiveness, turned out to be too expensive and protracted for the peasants.The article examines the implementation of land comasation on the territory of the Cyryn gmina of Novogrudok powiat, Novogrudok voivodeship (present-day Korelichi District). Keywords: agriculture, strip holding, land comasation, khutor, credit, crop yield. For citation. Harmatny V. P. On the issue of conducting land comasation in the gmina of Cyryn of the Novogrudok powiat and voivodeship in 1921–1939. Agriculture of Belarus through the prism of scientific research : proceedings of the III International scientific conference dedicated to the 80th anniversary of the Victory in the Great Patriotic War, Minsk, September 26, 2025. Minsk, 2025, pp. 58–66 (in Belarusian). На працягу міжваеннага перыяду Заходняя Беларусь з’яўлялася складовай часткай народна-гаспадарчага комплексу польскай дзяржавы і ў асноўным выконвала функцыі аграрна-сыравіннага прыдатка. Заходнебеларускія землі былі падзелены на ваяводствы (адным з якіх стала Навагрудскае), а яны ў сваю чаргу на паветы і гміны. У гэты час Цырын стаў мястэчкам і цэнтрам аднаіменнай гміны Навагрудскага павета і ваяводства, якая аб’ядноўвала 82 населеныя пункты, агульнай колькасцю 6 183 чалавекі, што для параўнання было толькі нязначна менш, чым у ваяводскім цэнтру Навагрудку, дзе пражывала на той час 6 367 чалавек. Пры гэтым паводле ўсепольскага перапісу ад 30 кастрычніка 1921 г. у Цырыне налічвалася 274 жыхара (138 мужчын і 136 жанчын) і па дадзенаму паказчыку ён адставаў ад навакольных вёсак Кайшоўка (327), Равіны (324), Рамейкі (288) і Аканавічы (282), у сваю чаргу яму нязначна саступала Літароўшчына (268) [1, s. 61–62]. На 1935 г. у гміне Цырын налічвалася 18 грамад, якія аб’ядноўвалі больш 90 рознага роду паселішч [2, s. 46–48]. Галоўную частку мясцовага насельніцтва складалі сяляне, якія востра пакутавалі ад наступстваў Першай Сусветнай і Польскасавецкай войн і малазямелля ў цэлым. Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 г. частка насельцтва гміны Цырын вярнулася з эвакуацыі і пачала ўзнаўляць разбураныя гаспадаркі, па стане на 1921 г. тут з 1 096 сем’яў 360 не мелі жылля і жылі ў прыстасаваных памяшканнях [3, c. 111]. У нашым распараджэнні на жаль маюцца статыстычныя звесткі толькі па Навагрудскаму павету ў цэлым, але на думку аўтара іх хутчэй за ўсё можна суаднесці з агульнай сітуацыяй у гміне Цырын. На 1930–1931 гаспадарчы год плошча Навагрудскага павету ахоплівала 263 433 га, з іх сельскагаспадарчыя землі складалі 121 941 га (46,3 %), лугі 60 35 117 (13,3 %), паша 13 253 (5,0 %), сады і агароды – 6 609 (2,5 %), лясы – 54 420 (20,7 %), няўжыткі – 32 093 (12,2 %) адпаведна [4, s. 20]. Паводле апытання ў 1933 г. 21 уладальніка самастойных гаспадарак Навагрудскага павета ў якасці мінімальнага зямельнага надзелу, з якога тут магла пракарміцца сям’я, вызначаліся 7,3 га [5, s. 151], на той час як па розных ацэнках больш паловы мясцовых гаспадарак такім абшарам не валодалі і ў выніку вымушаны былі шукаць дадатковыя сродкі існавання, перш за ўсё наймацца да працу да памешчыкаў і сваіх больш заможных суседзяў. Сітуацыю ў мясцовай аграрнай сферы надзвычай ускладняла захаванне рознага роду перажыткаў з часоў паншчыны, адным з асноўных з якіх стала цераспалосіца – наяўнасць у сялян па некалькіх невялікіх вузкіх раскіданых зямельных надзелаў (у так званым шахматным парадку), што істотна павялічвала колькасць працадзён, неабходных для іх апрацоўкі [3, c. 111]. Некаторыя сялянскія гаспадаркі распадаліся, напрыклад, нават на некалькі дзясяткаў невялікіх раскіданых зямельных надзелаў. У многіх выпадках надзелы былі надзвычай вузкімі, што селяніну з канём цяжка было на іх нават развярнуцца. У многіх выпадках межы займалі да 10 % плошчы надзелаў, не лічачы страт з-за складанай сістэмы даезду, выкліканай існуючай канфігурацыяй надзелаў. Па меркаванні тагачасных даследчыкаў межы адначасова з’яўляліся рассаднікамі пустазелля і аблюбаваным месцам пражывання пацукоў і іншых шкоднікаў. Цераспалосіца ў выніку прыводзіла да дарэмнага празмернага выкарыстання сялянскай працы, марнай траты часу і сродкаў, істотна замаруджвала і ўскладняла развіццё мясцовай аграрнай сферы, асуджала сялянства на нізкі жыццёвы ўзровень [6, c. 35]. У такой сітуацыі заходнебеларуская сельская гаспадарка не мела аніякіх далейшых перспектыў без правядзення адпаведнай рэформы, а ліквідацыя цераспалосіцы станавілася яе фундаментам, бо без яе ажыццяўлення іншыя мерапрыемствы рэформы не маглі стаць паспяховымі. Наяўнасць такой істотнай колькасці надзелаў суправаджалася праблемамі ў справе вызначэння іх уласнасці, што прыводзіла да істотных канфліктаў і нават боек паміж аднавяскоўцамі. У сувязі з гэтым адной з галоўных складовых частак польскай аграрнай рэформы ў 1921–1939 гг. стала камасацыя (хутарызацыя) – 61 аб’яднанне раскіданых невялікіх сялянскіх зямельных надзелаў і перанясенне сюды хаты і сельскагаспадарчых пабудоў і стварэннем такім чынам хутара. Закон аб ажыццяўленні камасацыі прыняты польскім Сеймам 31 ліпеня 1923 г. [7]. Для распачатку прац па камасацыі вёскі неабходна была папярэдняя заява яе жыхароў і пры гэтым варта падкрэсліць, што многія мясцовыя сяляне бачылі ў камасацыі сродак паляпшэння свайго становішча. Напрыклад, 27 мая 1934 г. сяляне вёскі Рамейкі звярталіся ў мясцовую павятовую зямельную ўправу з заявай “аб як мага хутчэйшым правядзенні ссялення і камасацыі нашых зямель. Просьбу сваю абгрунтоўваем тым, што ў выніку ліквідацыі нашага сервітута ў маёнтку Варонча і выдзяленні таго ж у мясцовасці “Плюжыны” (гай “Цёмны Бор”) у адлегласці 6–7-мі кіламетраў, нашае становішча ў поглядах гаспадарчых і матэрыяльных абвострылася да немагчымасці. Да таго ж засталіся мы пазбаўлены магчымасці схову (свайго) інвентара з-за такой адлегласці пашы, і таксама з-за таго, што нашыя гаспадаркі распадаюцца на 16 надзелаў, не можам такога вытрымаць… Выдзеленай нам пашай у “Цёмным Бары” не можам скарыстацца без правядзення камасацыі. Адзіным спосабам паляпшэння сітуацыі бачым камасацыю…” [8, Арк. 3]. Просьба сялян была канешне ўладамі задаволена. Павятовая зямельная ўправа вызначала землямера, які павінен быў ажыццяўляць работы па камасацыі вёскі, пасля чаго з ім заключалася дамова, у якой прапісваліся стан землеўладання напярэдадні ссялення, кошты аплаты работ, этапы камасацыі і тэрміны іх рэалізацыі. Усе расходы па ўтрыманні землямера і яго дапаможнага апарата (перш за ўсё расквартараванне, забеспячэнне неабходнымі прыладамі і гужавым транспартам) разам з ажыццяўленнем адпаведных тэхнічных работ ускладаліся на жыхароў вёскі, дзе ішла камасацыя. Заходнебеларускія сяляне маглі параўнаць працу розных землямераў і па водзывах і падказцы суседзяў стараліся выбраць сабе найбольш адказнага і сумленнага. Так, 7 кастрычніка 1935 г. сяляне мястэчка Цырын пісалі ў заяве ў Навагрудскую акруговую зямельную ўправу: “жадаючы аздаравіць нашыя гаспадаркі, …звяртаемся …з гарачай просьбай паскорыць ссяленне зямель нашага мястэчка і выдаць загад аб выбары рады ссялення (выдзелена ў дакуменце). Адначасова пераканаўча просім аб 62 правядзенні ссялення землямерам Юзафам Жытоўскім, таму што яго праца па ссяленні ў найбліжэйшых нашых суседзяў дае нам пэўную гарантыю саліднага і справядлівага падзелу нашай зямлі. Гэтага землямера, які пры ацэнцы надзелаў улічвае кожны квадратны метр, не можам не ўхваліць, бо кваліфікаваная і справядлівая ацэнка зямель ёсць першы і найважнейшы фактар справядлівай і беззаганнай працы па ссяленню”. Аднак рашэннем уладаў праводзіць камасацыю мястэчка прызначаны Юзаф Вардашка [9, Арк. 46–48]. Пры ажыццяўленні камасацыі мясцовыя сяляне павінны былі абраць мясцовую раду (савет) ссялення, акрамя таго плаціць за камасацыю кожнага гектара ў залежнасці ад якасці зямлі звычайна ад 15 да 20 злотых, за складанне праектаў і правядзенне меліярацыі і перанясенне дарог, утрыманне землямера з дапаможным персаналам (галоўным чынам расквартараванне, забеспячэнне неабходнымі прыладамі і гужавым транспартам разам з ажыццяўленнем адпаведных тэхнічных работ) і г.д. [6, с. 36–37]. Пры правядзенні камасацыі сялянскія зямельныя надзелы спецыяльнай камісіяй ацэньваліся ў грашовым эквіваленце з улікам класіфікацыі ворных зямель па паказчыках ураджайнасці, але варта адзначыць, што многія заходнебеларускія сяляне былі незадаволены атрыманымі пры ссяленні зямельнымі надзеламі і накіроўвалі скаргі, але на думку прадстаўнікоў польскіх улад прашэнні сялян у абсалютнай большасці не адпавядалі рэчаіснасці і таму не заслугоўвалі ўвагі. Некаторыя сяляне былі ўпэўнены, што пры камасацыі будзе абавязкова праводзіцца дадатковае надзеяленне ворнай зямлёй, але заканадаўства гэтага не прадугледжвала. Пры гэтым тагачасныя польскія дзяржаўцы неаднаразова папярэджвалі сялян, што камасацыя не прыводзіць аўтаматычна да паляпшэння асабістага матэрыяльнага стану, а з’яўляецца толькі пачаткам доўгага і складанага шляху па рэарганізацыі гаспадаркі з экстэнсіўнай (простай і накіраванай у першую чаргу на павелічэнне зямельнай плошчы пры захаванні састарэлых метадаў апрацоўкі зямлі) у якасна новую – інтэнсіўную, заснаваную на выкарыстанні перадавых метадаў арганізацыі гаспадарання, выкарыстанні рознага роду сельскагаспадарчых машын, высокаўрадлівых гатункаў сельскагаспадарчых культур і парод жывёлы, а таксама ў першую чаргу штучных мінеральных угнаенняў. 63 Акрамя таго, пры рэалізацыі камасацыі некаторыя заходнебеларускія сяляне, жадаючы скарыстацца магчымасцю атрымаць дадатковую зямлю, падавалі ў зямельную ўправу звесткі аб падзеле сваёй гаспадаркі паміж дарослымі дзецьмі, нават калі гэта не адпавядала рэчаіснасці. Напрыклад, 31 студзеня 1937 г. жыхар мястэчка Цырын Аляксандр Нагацкі паведамляў, што падзяліў асабістую гаспадарку паміж сваімі дзецьмі, а пры камасацыі гаспадарка засталася запісанай толькі на яго. Пры праверцы абставін справы высветлілася, што сыны і дочкі Нагацкага яшчэ нежанатыя і незамужнія і для падзелу гаспадаркі няма законных падстаў [9, Арк. 239, 285–286]. Вялікае значэнне мелі царкоўныя землі (“папоўкі”), якія пры камасацыі, згодна дамовам урада з касцёлам, часта перадаваліся навакольнаму сялянству. Напрыклад, 27 красавіка 1935 г. сялянам вёскі Рамейкі ўлады вызначылі царкоўную зямлю абшарам 13,89 га [8, Арк. 85]. Заходнебеларускія сяляне спадзяваліся пры камасацыі павялічыць свае надзелы за кошт уладанняў мясцовых праваслаўных цэркваў (так званых “паповак”), але дабіцца сваёй мэты ім удавалася далёка не заўсёды, бо гэтыя землі пераважна перадаваліся асаднікам і сялянам-палякам ці рымска-каталіцкага веравызнання. Галоўным фактарам пры вызначэнні месца атрымання новага надзелу зямлі з’яўлялася яе ўраджайнасць і апрацаванасць. Варта адзначыць, што для некаторых хутаран земляробства не было галоўнай крыніцай існавання, і тады на першае месца выходзілі зусім іншыя абставіны. Напрыклад, 4 кастрычніка 1937 г. капітан 78-га пяхотнага палка Аляксандр Матусевіч з Баранавіч, уладальнік зямлі ў ваколіцах Цырына, прасіў навагрудскага павятовага старасту выдзеліць яму пры правядзенні камасацыі надзел на царкоўных землях, за 500 метраў на поўнач ад мястэчка. Афіцэр абгрунтоўваў просьбу тым, што асабіста для яго галоўным фактарам з’яўляецца не ўраджайнасць зямлі, а яе месцазнаходжанне. У хуткім часе Матусевіч збіраўся звольніцца з армейскай службы і займацца грамадскаю дзейнасцю ў справе вайсковай падрыхтоўкі, а таму галоўным для яго з’яўляецца кантакт з грамадскасцю і наяўнасць побач пошты. Капітан прасіў выдзяліць яму надзел у азначаным месцы, бо ў іншым выпадку пацерпіць грамадская справа, нават калі будзе выдзелена лепшая зямля. Рашэннем павятовага старасты 64 землямеру было загадана задаволіць просьбу вайскоўца, але землямер зрабіў гэта толькі пасля другога загаду [9, Арк. 333, 339–340]. Варта таксама звярнуць увагу, што часам сяляне былі незадаволены не толькі якасцю і колькасцю атрыманай пры камасацыі зямлі, але і суседзямі па надзеле. Так, 25 верасня 1938 г. вышэйузгаданы А. Нагацкі з мястэчка Цырын звяртаўся да навагрудскага павятовага зямельнага камісара з паведамленнем, што землямер Ю. Вардашка, нягледзячы на ўсе просьбы, паставіў яго суседам мясцовага “авантурыста”, які ўжо двойчы пабіў Нагацкага, жонку і дачку селяніна [9, Арк. 456]. Далейшы ход справы невядомы. У такіх складаных сацыяльна-эканамічных абставінах нават блізкія сваякі часта не маглі самастойна вырашыць маёмасныя канфлікты і звярталіся ў суд. Так, напрыклад, 25 лістапада 1931 г. жыхарка вёскі Рамейкі Ганна Кадлубай пры правядзенні ў вёсцы камасацыі накіравала да павятовага зямельнага камісара просьбу аб перадачы ёй спадчыннага бацькоўскага надзелу роднага брата Казіміра ў памеры 6 дзесяцін у сувязі з тым, што ні ён сам, ні яго дачка Ганна не апрацоўваюць разглядаемую спрэчную зямлю і не збіраюцца гэтага надалей рабіць. Па выніках працяглага судовага разгляду справы аб 1/2 спадчыннага надзелу Казіміра Яцко 14 студзеня 1935 г. было вырашана: 1/3 надзелу перадаць Кадлубай, а 1/6 заставіць К. Яцко, пры гэтым хата застаецца ва ўладанні Яцко, а Г. Кадлубай выплачвае яму 80 злотых [8, Арк. 59]. Агульны план камасацыі зацвярджаўся на сялянскім сходзе, пасля чаго вынікі камасацыі публікаваліся ў мясцовым афіцыйным перыядычным друку, так, у №1 “Навагрудскага ваяводскага дзённіка” за 1934 г. паведамлялася аб выніках камасацыі ў ваколіцах вёскі Тараевічы. Камасацыя дадзенай вёскі распачалася ў 1929 г. пад кіраўніцтвам землямера Н. Бартнікоўскага на абшары 107,3648 га. Па яе выніках 9 мясцовых гаспадарак атрымалі ад 1 да 4 надзелаў, што было істотна менш ранейшага [10], і дазваляла ў выніку выкарыстоўваць перадавыя метады гаспадарання. Такім чынам, на прыкладзе гміны Цырын можна адзначыць, што з аднаго боку правядзенне камасацыі ў 1921–1939 гг. дазваляла сялянам паменшыць колькасць працадзён, неабходных для апрацоўкі асабістага надзела і палепшыць яго апрацоўку, з іншага боку працэдура камасацыі была надзвычай затратнай і зацянутай, патрабавала складання шматлікіх дакументаў і задзейнічання кваліфікаваных спецыялістаў, на 65 што патрабаваліся вялікія грошы, якіх у сялян зразумела не хапала, а фінансавая дапамога з боку польскай дзяржавы была абмежаванай і выбарачнай. Вызначыць дакладна колькасць вёсак і агульны абшар скамасаванай зямлі ў гміне Цырын пакуль не з’яўляецца магчымым зза адсутнасці статыстычных звестак. Спіс выкарыстаных крыніц: 1. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych / Gł. Urząd Statyst. Rzeczypospolitej Pol. – Warszawa : Nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1923. – T. 7, cz. 1 : Województwo Nowogródzkie. – 124 s. 2. Ziemia Nowogródzka. Podział administracyjny / Pol. Komis. nauk. badań ziem wsch. – Nowogródek : Księg. św. Wojciecha, 1935. – 179 s. 3. Памяць: Карэліцкі раен : гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / рэдкал.: К. І. Лемяшонак (гал.рэд.) [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Ураджай, 2000. – 646 c. 4. Statystyka rolnicza 1930/31 / Gł. Urząd Statyst. Rzeczypospolitej Pol. – Warszawa : Nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1932. – 73 s. – (Statystyka Polski. Serja B ; z. 1). 5. Statystyka rolnicza 1935 / Gł. Urząd Statyst. Rzeczypospolitej Pol. – Warszawa : Nakł. Gł. Urzędu Statyst., 1936. – 156 s. – (Statystyka Polski. Serja C ; z. 39). 6. Гарматны, В. П. Правядзенне камасацыі ў Навагрудскім ваяводстве (1921–1939 гг.) / В. П. Гарматны // Працы гістарычнага факультэта БДУ. – Мінск, 2012. – Вып. 7. – C. 35–43. 7. Ustawa z dnia 31 lipca 1923 r. o scalaniu gruntów // Dziennik ustaw Rzeczypospolitej Polskiej. – 1923. – № 92. – S. 1050–1056. 8. Дело о разбивке на хутора деревни Ромейки Циринской гмины Новогрудского повета // Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ). – Ф. 551. Воп. 1. Спр. 2863. Арк. 3. 9. Дело о разбивке на хутора земель местечка Цирин Новогрудского повета // ДАГВ. – Ф. 551. Воп. 1. Спр. 2862. Арк. 46, 88. 10. Obwieszczenie Okręgowego Urzędu Ziemskiego w Grodnie o ustaleniu dowodów prawa wlasnosci do gruntów scalonych ocolicy Tarajewicze, gminy cyryńskiej, powiatu nowogródzkiego // Nowogródzki Dziennik Wojewódzki. – 1934. – № 1. – S. 18. References: 1. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 7, cz. 1. Województwo nowogródzkie. Warszawa, Nakładem Głównego Urzędu Statystycznego, 1923. 140 p. (in Polish). 2. Ziemia nowogródzka: podział administracyjny województwa nowogródzkiego. Nowogródek, Księgarnia św. Wojciecha, 1935. 179 p. (in Polish). 3. Lemyashonok K. I. (ed.) [et al.]. Rememberance: Karelitsky district: historical and documentary chronicles of cities and districts of Belarus. Minsk, Uradzhai Publ., 2000. 644 p. (in Belarusian). 4. Statystyka rolnicza 1930/31. Statystyka Polski. Serja B, z. 1. Warszawa, Nakładem Głównego Urzędu Statystycznego, 1932. 73 p. (in Polish). 5. Statystyka rolnicza 1935. Statystyka Polski. Serja C, z. 39. Warszawa, Nakładem Głównego Urzędu Statystycznego, 1936. 156 p. (in Polish). 6. Garmatny V. P. Land comasation in Novogrudok voivodeship (1921–1939). Pratsy gіstarychnaga fakul'teta BDU [Proceedings of the Faculty of History of the Belarusian State University]. Minsk, 2012, iss. 7, pp. 35–43 (in Belarusian). 7. Ustawa z dnia 31 lipca 1923 r. o scalaniu gruntów. Dziennik ustaw Rzeczypospolitej Polskiej [Journal of Laws of the Republic of Poland], 1923, no. 92, pp. 1050–1056 (in Polish). 66 8. The case of the division of the village of Romeiki, the gmina of Cyryn of the Novogrudok powiat, into farmsteads. The State Archives of Grodno Region, coll. 551, aids 1, fol. 2863, p. 3 (in Russian). 9. The case of the division of the lands of the miasteczko of Cyryn of the Novogrudok powiat, into farmsteads. The State Archives of Grodno Region, coll. 551, aids 1, fol. 2862, pp. 46, 88 (in Russian). 10. Obwieszczenie Okręgowego Urzędu Ziemskiego w Grodnie o ustaleniu dowodów prawa wlasnosci do gruntów scalonych ocolicy Tarajewicze, gminy cyryńskiej, powiatu nowogródzkiego. Nowogródzki Dziennik Wojewódzki [Novogrudok Voivodeship Journal], 1934, no. 1, p. 18 (in Polish). Дата паступлення артыкула 05.08.2025 Received 05.08.2025